МАСКО́ЎСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя П.І.Чайкоўскага,
вышэйшая музычная навуч. ўстанова Расіі. Адкрыта ў 1866 на базе арганізаваных у 1860 Муз. класаў Рас. муз. т-ва. З 1940 — імя Чайкоўскага. Заснавальнік і першы дырэктар М.Рубінштэйн (у 1866—81 дырэктар, праф., дырыжор). У ёй выкладалі П.Чайкоўскі, С.Танееў В.Сафонаў, М.Іпалітаў-Іванаў, Ф.Лаўб, І.Гржымалі; сярод выхаванцаў С.Рахманінаў, А.Скрабін, М.Метнер, А.Зілоці, З.Паліяшвілі, А.Брандукоў, Л.Нікалаеў, Р.Гліэр, А.Няжданава, Н.Абухава, А.Гальдэнвейзер, К.Ігумнаў, А.Гедыке, М.Галаванаў, С.Васіленка і інш. кампазітары, выканаўцы і педагогі. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: гісторыка-тэарэтыка-кампазітарскі, фартэпіянны, аркестравы, вакальны, ваенна-дырыжорскі, павышэння кваліфікацыі; аспірантура; асістэнтура для кампазітараў і выканаўцаў. Пры М.к. існуюць муз. вучылішча (з 1934) і Цэнтр. дзіцячая муз. школа (з 1936), праблемная н.-д. лабараторыя, Музей імя М.Рубінштэйна (з 1995), оперная студыя і сектар пед. практыкі з вячэрняй муз. школай-дзесяцігодкай, навук. б-ка імя Танеева, інфармацыйна-выліч. цэнтр, лабараторыя гуказапісу і інш. М.к. мае Вял., Малую і Рахманінаўскую канцэртныя залы. Сярод выпускнікоў М.к. інструменталісты і дырыжоры Л.Аборын, В.Барысоўскі, Ю.Башмет, Р.Гінзбург, В.Дулава, Я.Зак, Л.Коган, М.Плятнёў, М.Пятроў, Г.Раждзественскі, М.Растраповіч, С.Рыхтэр, Я.Святланаў, У.Співакоў, Я.Фліер, Дз.Цыганоў; кампазітары Дз.Кабалеўскі, А.Хачатуран, В.Шабалін, Р.Шчадрын і інш.; музыказнаўцы Ю.Келдыш, В.Конен, В.Левашова, Т.Ліванава, Л.Мазель, І.Несцьеў, У.Пратапопаў, С.Скрабкоў, Ю.Халопаў, Ю.Цюлін, Б.Ярустоўскі і інш. Значны ўклад у развіццё бел. муз. культуры зрабілі выпускнікі М.к. піяністы І.Алоўнікаў, А.Клумаў, Г.Пятроў, В.Сямашка, І.Цвятаева, скрыпачы А.Амітон, М.Браценнікаў, віяланчэліст Б.Скабло, валтарніст Я.Сцягенны, кампазітар Р.Пукст, музыказнаўцы Л.Мухарынская, М.Шыфрын, спевакі Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, хормайстар М.Маслаў і інш.
Літ.:
Московская консерватория. 1866—1966. М., 1966;
Келдыш Ю.В. 100 лет Московской консерватории [М., 1966];
Воспоминания о Московской консерватории. М., 1966;
Федосюк Ю.А. Улица Герцена, 13. М., 1988.
т. 10, с. 178